Выцінанка: традыцыі ва ўзорах


17 кастрычніка 2025 г. ў Міжнародны дзень нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў музеі «Лошыцкая сядзіба», філіяле Музея гісторыі горада Мінска, пачне працаваць выстаўка «Выцінанка: традыцыі ва ўзорах».

Выстаўка з фондаў Музея гісторыі горада Мінска прысвечана ўнікальнаму віду беларускага народнага мастацтва выразання з паперы – выцінанцы. У 2021 г. Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «Мастацтва выцінанкі г. Мінска» ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2024 г. выцінанка атрымала статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, што падцвердзіла яе значнасць як жывой традыцыі, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Вытокі выцінанкі сыходзяць ў XVI ст., калі папяровымі ўзорамі ўпрыгожвалі дамы, абрадавыя прадметы і святочныя сталы. Такім чынам, выцінанка стала часткай фальклорнай культуры. Сёння матывы выцінанкі праяўляюцца ў дызайне, музейных экспазіцыях, адукацыйных праектах.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 твораў, якія сабраны вядомым навукоўцам і даследчыкам беларускай народнай творчасці Яўгенам Сахутай ў пачатку 2000-х гг. падчас экспедыцый. Амаль усе кампазіцыі, прадстаўленыя на выстаўцы, аб’ядноўваюць традыцыйныя матывы: вобраз дрэва як сімвала жыцця, каранёў і устойлівасці; птушак – абаронцаў дому, веснікаў вясны і элементаў народных сюжэтаў. Гэтыя сюжэты праходзяць праз усю выстаўку, выяўляючыся ў назвах і выявах: «Дрэва жыцця», «Буслы прыляцелі», «Маці-радзіцельніца» і іншыя. Работы выкананы ў люстраной тэхніцы, калі кампазіцыя адлюстроўваецца ад восі, ствараючы сіметрыю і візуальны рытм.

Такі прыём узмацняе вобраз, робіць яго больш выразным і пазнавальным.

95