17 мая ў 17:00 у Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў рамках мерапрыемства, прымеркаванага да Міжнароднага дня музеяў адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу сябра Беларускага саюза мастакоў Лявона Грышука - "Абуджэнне".
Лявон Іванавіч Грышук нарадзіўся 02.05.1951 г. у в. Глінкі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.
1957 – 1963 гг. – вучыўся ў дзіцячай мастацкай студыі С.П. Каткова.
1964 – 1966 гг. – вучоба ў Рэспубліканскай мастацкай школе.
1976 г. – скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава.
1986 г. – прымаў удзел у ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
З 1990 г. – удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выстаў.
З 2005 г. – сябра Беларускага саюза мастакоў.
Мастак працуе ў станкавым жывапісе і графіцы.
У 90-я гады Лявон Грышук распачынае новы этап у сваім жывапісе – біблейска-хрысціянскую тэматыку, мастак цалкам аддаецца новай для яго тэме. Варта заўважыць, што Лявон Грышук ні ў якім выпадку не паўтарае праваслаўных альбо рэнесансных іканапісных канонаў, мастак выкарыстоўвае даволі сучасную жывапісную мову. Майстра хвалюе паходжанне зла, ён вывучае механізм прыняцця рашэнняў і абавязкова ставіць пытанне выбару, а таксама звяртае ўвагу на гісторыю і агульначалавечыя праблемы.
Асаблівае месца ў творчасці Лявона Іванавіча займае пейзаж. Нельга не заўважыць пяшчотнае, вельмі беражлівае стаўленне мастака да роднай прыроды. У пейзажах мастак не назірае за прыродай зводдаль, збоку, ён знаходзіцца ў іх саміх, а разам з ім і глядач. Намаляваная прырода вельмі блізка, да яе можна дакрануцца рукой.
Творы Лявона Грышука знаходзяцца ў фондах музеяў Рэспублікі Беларусь, мастацкіх галерэях і прыватных калекцыях Польшчы, Германіі, Ірландыі, Ізраіля і краін СНД.
Выстава будзе адкрыта да 2 чэрвеня.
Музей працуе: аўторак-нядзеля з 10:00 па 18:00.
Панядзелак - выхадны.